Новая стратэгія галіны: будаваць дома і зарабляць грошы за мяжой.
Міністр архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь Анатоль Нічкасаў адказаў на пытанні карэспандэнта газеты "Звязда"
Будаўніцтва ў Беларусі -- стратэгічная галіна эканомікі. У ёй дзейнічае каля 4 тысяч суб'ектаў гаспадарання розных форм уласнасці. Будаўніцтва стварае своеасаблівы эфект мультыплікатара, бо кожнае новае працоўнае месца ў галіне стварае 2 працоўныя месцы ў эканоміцы.
-- Анатоль Іванавіч, мінулы год быў даволі складаны для эканомікі краіны. Як перажылі яго будаўнікі?
-- І сапраўды тыя часы былі сур'ёзнай праверкай на трываласць усяго будаўнічага комплексу. Нягледзячы на аб'ектыўныя цяжкасці, агульная сітуацыя ў эканоміцы адмоўна амаль не паўплывала на дзейнасць будаўнічых арганізацый. Летась мы вытрымалі, а сёлета ў першым паўгоддзі ўжо змаглі стабілізаваць дзейнасць вытворчасці і будтрэстаў.
-- Аб чым сведчаць вынікі дзейнасці будгаліны ў першым паўгоддзі?
-- У студзені--чэрвені 2012 года было ўведзена ў эксплуатацыю 2 млн 469,1 тысячы квадратных метраў жылля, што складае амаль 60 % ад гадавога задання. Статыстыка сведчыць, што ў першым паўгоддзі было пабудавана на 17,6 працэнта больш, чым запланавана. На жыллёвае будаўніцтва выкарыстана больш за 10 трлн рублёў інвестыцый. На будаўніцтва аб'ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры да раёнаў жылой забудоўлі накіравана 1,6 трлн рублёў, або 71 працэнт ад прадугледжанага аб'ёму на 2012 год.
Падобная дынаміка дае падставу спадзявацца, што ў трэцім квартале ў жыллёвым будаўніцтве можна чакаць сапраўды пазітыўнага прарыву. Калі прадпрыемствы і трэсты будаўнічага комплексу, а таксама падведамныя арганізацыі выканкамаў будуць так зладжана працаваць і далей, то гадавое заданне магчыма выканаць і раней.
На мой погляд, з улікам розных дадатковых крыніц фінансавання і рэгіянальных ініцыятыў, сёлета ёсць магчымасць пабудаваць нават каля 4,5 млн квадратных метраў жылля.
-- Колькі і па якім кошце сёлета было пабудавана жылля для чаргавікоў?
-- Адным з прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы з'яўляецца забеспячэнне жыхароў Беларусі даступным і камфортным жыллём.
У першым паўгоддзі для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку асоб з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў, усяго было ўведзена ў эксплуатацыю 1 млн 431 тысяча квадратных метраў жылля (57,9 працэнта ад гадавога задання), у тым ліку ў шматкватэрных жылых дамах 1 млн 55 тысяч кв. метраў. Меры па рэгуляванні кошту жылля, якое будуецца з дзяржпадтрымкай, дазволілі забяспечыць сёлета цану квадратнага метра агульнай плошчы ў даступных для насельніцтва параметрах. Так, у першым паўгоддзі сярэдні кошт жыллёвага квадрата для жылля, што будавалася з дзяржпадтрымкай, склаў 3 млн 108 тысяч рублёў
-- Дзе і ў якіх аб'ёмах беларускія спецыялісты ажыццяўляюць будаўніцтва за мяжой? На якім узроўні назіраецца экспарт будаўнічых матэрыялаў?
-- У першым паўгоддзі прамысловасць будаўнічых матэрыялаў павялічыла аб'ём сваіх паставак прадукцыі за мяжу, у параўнанні з адпаведным перыядам летась, адразу на 45 працэнтаў. Было экспартавана тавараў на агульную суму 240 млн долараў. Сёння для нас гэта своеасаблівы рэкорд. Разам з тым трэба памятаць, што гадавы паказчык па экспарце прадпрыемствам галіны даведзены да ўзроўню 590 працэнтаў у параўнанні з 2011 годам. Гэта сапраўды грандыёзная задача, але і яе магчыма выканаць.
Будаўнічыя арганізацыі істотна павялічылі экспарт паслуг. Заўважу, што гэта паслугі не толькі будаўнічыя, але і інжынерныя, праектныя і архітэктурныя. Мы спадзяёмся павялічыць экспарт паслуг у шэраг расійскіх рэгіёнаў, дзе ўжо падпісаны мемарандумы, пагадненні і кантракты на даволі вялікія сумы.
Акрамя Расіі будаўнічыя паслугі наша краіна пастаўляе ў Венесуэлу, Туркменістан, Таджыкістан, Літву, Чэхію і Украіну. Зараз вядуцца кансультацыі аб супрацоўніцтве Беларусі і Эквадора.
Амбіцыйныя праекты беларускія будаўнікі плануюць рэалізоўваць у Башкірыі. Ужо падпісана папярэдняе пагадненне аб узвядзенні там жылля. Разглядаецца варыянт праектавання і будаўніцтва ў Башкортастане домабудаўнічага камбіната. У гэтым напрамку наша краіна мае багаты вопыт.
Сёлета ў Венесуэле намі было ўведзена ў эксплуатацыю ўжо тры заводы. Адзін завод нават па еўрапейскіх мерках лічыцца даволі вялікім, бо магутнасць яго складае каля 25 млн штук цэглы.
Быў пабудаваны завод па зборцы трактароў маркі МТЗ. Трэці пабудаваны намі завод прадугледжвае зборку аўтамабіляў МАЗ. Зараз будуецца і чацвёрты завод, дзе будзе ажыццяўляцца зборка дарожна-будаўнічай тэхнікі на базе тэхнікі маркі АМКАДОР.
Непасрэдна ў Венесуэле пад кіраўніцтвам беларускіх спецыялістаў узводзяцца цэлыя жылыя кварталы.
Заўважу, што перад нашым міністэрствам пастаўлена задача -- пабудаваць да 2015 года 1 мільён квадратных метраў жылля за мяжой.
Адной з адметнасцяў экспарту будаўнічых паслуг Беларусі з'яўляецца экспарт навуковых распрацовак. Гэта мадэрнізацыя канструктыўных тэхналагічных сістэм жылых будынкаў, распрацоўка тэорыі і практычнага развіцця гарадоў і паселішчаў на базе комплекснай рэканструкцыі. На экспарт прапануюцца распрацоўкі па стварэнні новых канструктыўных сістэм жылых дамоў для сельскай мясцовасці з выкарыстаннем мясцовых будаўнічых матэрыялаў, у тым ліку, дзе прадугледжваюцца аднаўляемыя крыніцы энергіі.
-- Калі і якім чынам плануецца ажыццявіць пераход на будаўніцтва жылля для грамадзян ільготных катэгорый па дзяржаўным заказе?
-- Так, мы звярнулі сур'ёзную ўвагу на эфектыўнасць выкарыстання фінансавых сродкаў дзяржаўнай падтрымкі ў форме льготных крэдытаў. Ужо ў наступным годзе запланаваны пераход на будаўніцтва жылля для чаргавікоў-ільготнікаў па дзяржаўным заказе.
Галоўнымі перавагамі механізму дзяржаўнага заказу будуць:
- бесперапыннае фінансаванне працэсу будаўніцтва;
- безумоўнае забеспячэнне нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва;
- увод жылля па фіксаваных цэнах;
- выкарыстанне найбольш рацыянальных праектаў жылых дамоў, у першую чаргу сістэм БПД;
- выключэнне ўдзелу грамадзян з інвестыцыйнага працэсу будаўніцтва і выдзяленне ім гатовага жылля.
Асобна адзначу, што новы парадак прадугледжвае давядзенне да рэгіёнаў аб'ёмаў дзяржаўнага заказу з вызначэннем гранічнага кошту будаўніцтва 1 квадратнага метра агульнай плошчы жылога памяшкання. Праект указа па гэтым пытанні ўжо падрыхтаваны і накіраваны на ўзгадненне. Укараненне сістэмы дзяржзаказу ў льготным жыллёвым будаўніцтве прадугледжана Канцэпцыяй дзяржаўнай жыллёвай палітыкі на 2012--2015 гады.
-- Колькі жылля плануецца пабудаваць у нашай краіне ў наступныя гады?
-- У праекце Канцэпцыі дзяржаўнай жыллёвай палітыкі Беларусі на 2012--2015 гады на 2013 год прадугледжаны ўвод у эксплуатацыю жылля ў аб'ёме 6,5 млн квадратных метраў агульнай плошчы, у тым ліку 2,5 млн кв. метраў, што будуецца з дзяржаўнай падтрымкай.
Згодна з прагнозам, які быў узгоднены з Мінэканомікі, на 2013 год вызначаны разліковы паказчык кошту жыллёвага квадрата, што будуецца з дзяржпадтрымкай, -- 4,6 млн рублёў.
Акрамя таго, праект канцэпцыі прадугледжвае будаўніцтва жылля ў 2014 годзе ў аб'ёме 8,5 млн кв. метраў, а ў 2015 годзе -- 9,5 млн кв. метраў.
-- Якім чынам ажыццяўляецца ўкараненне інавацыйных распрацовак у вашай галіне?
-- У першым паўгоддзі намецілася станоўчая дынаміка скарачэння колькасці стратных арганізацый, павялічылася ўдзельная вага інавацыйнай прадукцыі. Змяншаюцца складскія запасы. Рэалізацыя інвестыцыйных праектаў на прадпрыемствах галіновай прамысловасці павінна прывесці да зніжэння ўжо ў 2012 годзе ўзроўню энергаспажывання на 20--25 працэнтаў.
Сёлета Мінбудархітэктуры павінна завяршыць 6 інвестпраектаў. Гэта пры тым, што цяпер ажыццяўляецца рэалізацыя 10 праектаў -- у межах розных дзяржаўных праграм. Самыя значныя з іх -- мадэрнізацыя трох цэментных заводаў Беларусі. Ужо ўведзена тэхналагічная лінія магутнасцю 1,8 млн тон цэменту ў год на акцыянерным таварыстве "Краснасельскбудматэрыялы". Пачала працаваць новая лінія на Беларускім цэментным заводзе. Да канца года разлічваем увесці ў эксплуатацыю лінію на "Крычаўцэментнашыфер". Пасля гэтага агульны аб'ём вытворчасці заводаў складзе каля 10 мільёнаў тон цэменту за год.
Зараз працягваецца будаўніцтва лініі па вытворчасці даламіту для шкляной прамысловасці на акцыянерным таварыстве "Даламіт", арганізуецца вытворчасць шклаваты на ААТ "Шклозавод Нёман", ідзе мадэрнізацыя вытворчасці на ААТ "Гомельшкло".
Магутнасці, створаныя на прамысловых прадпрыемствах, дазваляюць выпускаць больш як 130 відаў будаўнічых матэрыялаў і вырабаў, якія экспартуюцца на рынкі блізкага і далёкага замежжа. А ўвод у эксплуатацыю дадатковых магутнасцяў па вяжучых, нярудных і сценавых матэрыялах дазволіць ужо сёлета павялічыць экспартны патэнцыял на 50--60 працэнтаў.
Заўважу, што толькі з пачатку года ў 4 разы павялічыліся экспартныя пастаўкі цэменту. Больш чым у 2 разы павялічылася адгрузка будаўнічых нярудных матэрыялаў і зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў.
-- Якія заробкі сёння ў айчынных будаўнікоў? У развіццё гэтай тэмы, скажыце, ці існуе ў галіне кадравы голад?
-- Так. У сувязі з павелічэннем аб'ёмаў будаўніцтва, а таксама з немагчымасцю летась павялічваць заробкі ў будаўніцтве праблема замацавання кадраў сапраўды стала актуальнай. Для спынення адтоку падрыхтаваных спецыялістаў за мяжу і павелічэння матывацыі працы Мінбудархітэктуры вызначыла шэраг захадаў па захаванні кваліфікаваных кадраў на вытворчасці. Сёлета ў сакавіку мы пачалі паэтапна павялічваць заработную плату працаўнікам будаўнічых арганізацый. Загадам Мінбудархітэктуры № 95 было дазволена арганізацыям, у межах каштарыснага кошту аб'ектаў, атрымліваць ад заказчыкаў сродкі для стымулявання выплат у памеры 100 працэнтаў ад каштарыснай асноўнай заработнай платы работнікаў і павялічыць памеры заробкаў будаўнікам на 30--40 працэнтаў у залежнасці ад эфектыўнасці працы. Потым загадам Мінбудархітэктуры быў вызначаны дадатковы каэфіцыент да рэсурсна-каштарысных нормаў на асобныя найбольш запатрабаваныя і нізкааплатныя грамадскія работы (усе віды кладкі, маналітныя і тынковачныя работы). Пасля прыняцця гэтых рашэнняў заробак павялiчыўся.
Менавіта гэтыя захады міністэрства ў комплексе з выкананнем заданняў па росце прадукцыйнасці працы дазволяць ўжо напрыканцы 2012 года выйсці на ўзровень заробкаў у будаўніцтве 500 і больш долараў.
Важную ролю адыгрывае і станоўчае вырашэнне жыллёвых праблем будаўнікоў. Цяпер арганізацыі, якія атрымліваюць прыбыткі, маюць магчымасць даваць сваім работнікам пазыкі на будаўніцтва жылля
Ёсць і іншае выйсце ў кадравай праблеме. Арганізацыям трэба самім наладжваць планавы выезд беларускіх будаўнікоў за мяжу. Гэта дазволіць не толькі ўмацаваць фінансавы стан будтрэстаў і прыцягнуць валютныя рэсурсы ў краіну, але і забяспечыць працаўнікоў годнымі заробкамі. Дзеля гэтага Мінбудархітэктуры пачало шукаць новыя рынкі аказання будаўнічых паслуг за межамі Беларусі, у тым ліку праз стварэнне філіялаў і прадстаўніцтваў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Будаўнічыя аб'яднанні пачалі ўдзельнічаць ва ўсіх выгадных конкурсах і тэндарах, якія праводзяцца ў гэтых краінах. Адзначу, што цяпер будаўнічыя арганізацыі ўзводзяць жыллё і прамысловыя аб'екты на тэрыторыі Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Венесуэлы, пачынаюць асвойваць рынкі Туркменістана і Азербайджана.
Наконт заробкаў. Апошнім часам яны істотна павялічыліся. Зараз памер сярэдняй заработнай платы па галіне складае каля 4,5 млн рублёў. У буйных і перадавых арганізацыях заробкі работнікаў значна большыя.
-- Днямі чуў навіну, што беларускія "шабашнікі" пачалі нават з-за мяжы вяртацца дамоў?
-- Гэта сапраўды так. Адток кадраў за мяжу цалкам спыніўся. Сёння ў будаўнічай галіне працуе 218 тысяч чалавек. За мінулыя паўтара года за мяжу выехала неарганізаваным шляхам каля 43 тысяч будаўнікоў рознай кваліфікацыі. Але далёка не ўсе з іх адшукалі вартую працу. Частка тых будаўнікоў сёння вяртаецца дамоў.
Лепш усё рабіць арганізавана. Калі работнік мае намер працаваць за мяжой, то гэта ён можа зрабіць праз любы трэст. У гэтым выпадку ён гарантавана атрымае афіцыйны заробак, які будзе своечасова выплачвацца, і не трэба будзе хвалявацца за бытавыя ўмовы і сацыяльныя гарантыі. Адзначу, што арганізацыямі міністэрства заключана 122 дагаворы падраду на работу беларускіх будаўнікоў за мяжой (галоўным чынам у РФ). Гэта нармальна, бо, паводле статыстыкі, у Расіі не хапае каля 2,5 млн будаўнікоў.
-- Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам. Віншуем вас і ўсіх будаўнікоў з прафесійным святам.
Падрыхтаваў Сяргей КУРКАЧ.